Way111 — Космас на балоце ці 2 дні медытацыі

Забудзьцеся ўсё, што вы ведалі пра балота і прыязджайце ў Ельню. Толькі не на драўляны турыстычны насціл, каб прабегчыся па ім ў красоўках ці туфельках і з’ехаць з сухімі ножкамі. Так Ельню не пазнаеш. Трэба поўнае пагружэнне. Не, не палохайцеся, акунацца ў дрыгву з галавой не давядзецца.

Пэўна, у большасці балота асацыюецца з камарамі, змеямі і іншай малапрыемнай жыўнасцю, макрэчай і перспектывай быць засмоктаным багнай. Нічога прыемнага і тым больш захапляючага. Але гэта ўсё не пра Ельню.

Гэта месца, дзе дакранаешся да вечнасці. Стагоддзямі, тысячагоддзямі тут па вялікім рахунку нічога не змяняецца. Толькі сфагнум пакрысе адваёўвае тэрыторыю ў азёраў.

Першы раз я пачуў пра гэты цуд з год таму, дакладна не памятаю нават адкуль, але паступова гэта месца пачало ўсё больш прыцягваць маю цікаўнасць. Неяк я ўбачыў фантастычныя фатаздымкі Ельні ад аднаго выдатнага беларускага астрафатографа. Потым даведаўся, што ёсць энтузіясты з праектам Yelnyatrip, якія ладзяць там паходы, убачыў іх ролікі з панарамнымі здымкамі, ад якіх сцінае дух. Яшчэ пазней убачыў справаздачу аб паходзе, якая дазволіла дакрануцца да ўнутранага свету балота і тамтэйшай атмасферы. Ужо тады ў маім сэрцы завочна пасялілася каханне да гэтага незвычайнага месца. І вядома жаданне пабачыць усё на свае вочы.

Такая магчымасць надалася, калі тыя самыя энтузіясты з Yelnyatrip запрашалі затэсціць іх новы маршрут #way111, якім яшчэ ніхто не хадзіў. Гучала дужа заманліва. Словы пра тое, што ён вельмі складаны і ідзе праз самую глыб балота мяне адразу падкупілі. Вядома, не было чаго і думаць, трэба было пагаджацца.

І вось ужо наша каманда сонечным суботнім ранкам збягае з Менску ў напрамку Ельні. Дзень выдаўся што трэба — на небе ні аблачынкі. 2,5 гадзіны па дарогах з даволі прыемнымі краявідамі і мы прыбываем на месца старту — маляўнічую вёсачку Буды, у якой ужо адчуваецца блізкасць балота. Наперадзе 2 дні без цывілізацыі і блізу 28 кіламетраў шляху.

Збіраем экіпіріроўку і крочым. Адназначна самы важны элемент — абутак. Калі захочацца апрануць боты — кіньце дурное. Сіл на тое, каб на кожным кроку выліваць з іх ваду, надоўга не хопіць. А іх, як апынулася, спатрэбіцца шмат. Таму самы добры варыянт — лёгкія высокія чаравікі з шчыльнай падэшвай.

Пэўны час мы ідзем праз вёску, акружаную забалочанымі мясцінамі, выходзім на палі, крочым праз лес. Хочацца ўжо паскарэй пазнаёміцца з Ельняй. Першае пагружэнне, раптам ужо крочыш па калена ў вадзе, выходзіш з ценю дрэў — і апынаешся на бясконцай, некранутай, першабытнай прасторы, а наўкол адкрываюцца тыя самыя фантастычныя віды.

Гэта вельмі незвычайна. Нетыповыя ландшафты, спалучэнні колераў. Унутры мацнее нейкае незямное, нават касмічнае, іншапланетнае адчуванне ад нязвычнасці карцінкі. Сфагнум — балотны мох, якім услана ўся паверхня — пераліваецца рознымі колерамі, кантрастуе з белымі шарыкамі пушыцы і, здаецца, неяк нават занадта блакітным небам. Дзіўнымі паставамі вылучаюцца карлікавыя пакручастыя дрэўцы. Потым заўважаеш чырвоныя кропачкі леташніх журавін. Што самае цікавае, іх усё яшчэ можна есці! І, канешне, цішыня. Ніякіх водгукаў цывілазацыі. Толькі галасы птушак зрэдку перарываюць поўнае маўчанне.

Робім перапынак перад далейшым шляхам, ловім позіркамі прыгажосць, каштуем журавіны. Наш гід Дзяніс паказвае, як можна піць ваду проста з балота, зрабіўшы некалькі крокаў у бок ад сцежкі.

Ельня гэта верхавое балота. Вада тут збіраецца з атмасферы і дадаткова фільтруецца сфагнумам. Таму піць можна, выціскаючы ваду з моху ці проста з возера. Праўда, напіцца такой вадой цяжка — у ёй амаль няма мінералаў, ледзь не чысты дыстылят. Але ёсць лайфхак ад старых людзей: калі дадаць дробачку солі, то напіцца быццам бы ўжо прасцей.

Верхавое балота не такое непраходнае, як нізіннае, месцаў, дзе можна глыбока праваліцца, тут няма, хіба толькі адкрытыя вокны паміж сфагнуму — некаторыя з іх, магчыма, рэшткі колішніх азёраў. Такія месцы добра відаць і іх заўжды можна абыйсці. У асноўным жа пры хадзе пагружаешся ніжэй за калена. Хаця здараюцца правалы і пасур’ёзней, таму трэба быць пільным.

Праз нейкі час даходзім да першага возера, прымусіўшы падняцца з воднай роўнядзі чародку лебедзяў — дзікія жывёлы вельмі палахлівыя і асцярожныя, блізка да сябе не падпусцяць. Месцы ўсё-такі аддаленыя, чалавек тут рэдкі госць. За пройдзены адрэзак, мы ўжо крыху адчулі, што ўяўляе з сябе паход па балоце. Справа не з лёгкіх, але не настолькі суровая, як адразу можа падацца. Крок паціху становіцца больш спрактыкаваным, можна ступаць так, каб пругкі сфагнум крыху пружыніў, не надта засмоктваючы.

Зной прыпыняемся, каб агледзецца. Пэўна, кожны з нас першы раз у жыцці ўбачыў чырванакніжную расянку, якая апынулася зусім малюсенькай, у параўнанні з уражаннямі ад фатаздымкаў.

Адкрываем для сябе, што ў некаторых азёраў тут, фактычна няма берага. Стоячы ля кромкі, ты адчуваеш сябе бы на арэлях, а пад нагамі хвалямі ходзіць мох. Пад ім — вада. Кажуць, што зімой можна зрабіць лунку за некалькі метраў ад возера і там усё роўна будзе рыба.

Выглядае на тое, што мох пакрысе “з’ядае” азёры, а 9 тысяч год таму (менавіта столькі складае прыблізны ўзрост Ельні), верагодна, гэта ўсё ўвогуле было адным вялікім возерам. Стагоддзямі скупыя балотныя дрэўцы падаюць у ваду, пакрысе ствараючы каркас, быццам арматура, нешта перагнівае, даючы хоць трохі пладароднай глебы, і на ўсё гэта пачынае нарастаць бедная балотная расліннасць і, вядома, сфагнум. Яшчэ адзін цікавы факт — цэнтр балота знаходзіцца на 6-8 метраў вышэй за краі, там мох нарастае хутчэй.

Па меры прасоўвання далей, Ельня ўсё больш залазіць у душу, прасякае сваёй непаўторнай атмасферай. Аднак не ўсё адразу. Даводзіцца быць пільным і сачыць за дарогай, Ельня не церпіць няўважлівасці. Таму лёгкай прагулкі з задранай галавой чакаць няварта.

Мы ўжо даволі далёка ад краю балота, тут рэдка нехта з’яўляецца, няма ярка выражанай сцежкі. Часам крыху дурманіць пах балотнага багуна, каторы якраз квітнее ў траўні. Цуда-расліна, і яд, і лекі адначасова. На прыпынку заварваем з яго гарбату ў тэрмасе. Нехта ўжо даволі прытаміўся. Наш наступны чэк-поінт — возера Лапухі. У пэўны час дарога становіцца вельмі цяжкай, ды і няма ўжо ніякай дарогі. Некалі тут палаў пажар, і ў такіх месцах мох нарастае вельмі высока. Даводзіцца ісці па вельмі пышным “дыване”, парослым верасам, на кожным кроку высока задзіраючы ногі. Такая хада вельмі хутка выматывае.

Калі нарэшце дайшлі да возера, прадраўшыся праз акружаючы яго хмызняк, і даведаліся, што гэта палова сённяшняга маршрута, не кожны ўспрыняў гэта з пазітывам. Сапраўды, апошні адрэзак адняў нямала сіл. Прышоў час адпачыць. Робім працяглы прывал. Час замірае. Нехта задрамаў. Можна асэнсаваць пройдзенае і ўбачанае.

Пачынае захапляць разуменне, што ты знаходзішся ў практычна некранутым месцы, тут усё заўсёды імкне сваім нязменным ладам, цэлую вечнасць. Думаю, гэта выдатная магчымасць пазбавіцца пэўных ілюзій аб псеўдаважнасці нейкіх падзей, забыцца на праблемы, якія становяцца тут смешнымі і нікчэмнымі. Гэта ўсё пыл, нішто ў параўнанні з узростам гэтага месца. Нас даўно не стане, а тут будзе панаваць усё той жа парадак, што і тысячы год таму. Самыя розныя думкі прыходзяць, калі сядзіш у цяньку ля возера, любуючыся спакойнымі чорнымі хвалямі, якія лашчаць бераг. Ідэальнае месца для медытацыі. Суцэльнае яднанне з прыродай, якое дае адчуць сябе мізэрнай часцінкай нашага неабдымнага Сусвету. Здаецца, так бы і праляжаў тут цэлую вечнасць.

Але пара ісці далей. Сёння нам трэба дайсці да месца начной стаянкі на возеры Чорнае, да якога прымыкае лясны астравок з цвёрдай зямлёй і мала-мальскі абсталяванай пляцоўкай. Пасля прывалу набраліся сіл, ды і дарога пачала выпраўляцца, таму ішлося лягчэй. Праз нейкі час на даляглядзе замаячылі дрэвы і мы ўжо ведалі, што гэта той самы лясок. Але мы ўсё шлі і шлі. Адлегласць да яго, якая адразу падалася невялікай, аказалася не такой і маленькай. Здавалася, што ўжо вось-вось і прыйдзем, але абрысы балотнага аазісу бы пастаянна аддаляліся, ды і крочыць наўпрост да яго не было магчымасці. Наш шлях рабіў пятлю ў абыход цяжкапраходных месцаў.

Ды вось нарэшце паблізу пачалі маячыць рэдкія дрэўцы, намалявалася звярыная тропка і мы ўвайшлі ў лес. Хутка наляцелі някормленыя камары. На самім балоце іх, дарэчы, няма. Ногі радаваліся цвёрдай глебе, а ўжо праз некалькі хвілін усе задаволеныя скідалі з сябе заплечнікі і мокры абутак на доўгачаканай стаянцы ля самага возера. Месца апынулася надзвычай маляўнічым, як і ўсё тут, у прынцыпе.

Далей, вядома, было вогнішча, згусцілася цемра, неба высыпала зоркамі, з усіх бакоў даносіліся гукі начнога жыцця Ельні. І ў гэтай таямнічай і крыху містычнай атмасферы рабяты пачалі нас знаёміць з розным мясцовым “фальклорам”, байкамі і цікавымі гісторыямі пра балота. Ад пякучага полымя захацелася ахаладзіцца ў возеры, змыць з сябе стомленасць нялёгкага дня. Забаўна, але пасля адной з гісторый, нягледзячы на ўвесь свой навуковы скепсіс, заходзіць у ваду было крыху трывожна — першабытны дух бярэ сваё. Затое адразу стала зразумела, чаму возера называецца чорным. Вада на Ельні цёмная паўсюль (хоць і чыстая), але тут, калі апускаеш руку ў ваду, яна адразу знікае ў надзвычайнай чарнаце. І пры гэтым яе ўсё роўна можна піць.

За размовай падзяліліся ўражаннямі ад Ельні (зразумела, што абыякавым яна не пакінула нікога), да канца разабраліся хто ёсць хто ў нашай камандзе і як яго сюды занесла. У прыемнай салодкай стомленасці разыходзімся па намётах. Заўтра зваротны шлях па іншым ужо лягчэйшым маршруце.

Засынаць і прачынацца ў такім месцы казачна. Раніцай радуешся сонцу, спевам птушам, ветрыку і акружаючай прыгажосці. Усплываюць уражанні мінулага дня, прадчуваюцца новыя ад сённяшняга. Пержы адрэзак маршрута ляжыць уздоўж возера, па даволі падтопленых месцах, шмат дзе папрацавалі бабры, натыкаемся на іх шматлікія хады, праходзім хатку.

Другі дзень ідзеш ужо больш упэўнена, але дае пра сябе ведаць стомленасць. Неабачлівы крок — і ты ўжо можаш пагрузіцца па пояс ці спатыкнуцца аб купіну ці паваленае бервяно.

Балота ўжо ўспрымаецца па-іншаму, знаёмства стала больш глыбокім. На хаду пагружаешся ў медытацыю, адкідаеш усё лішняе. У галаве яснасць.

На выхадзе  — адчуванне глыбокай перазагрузкі, захаплення, радасці ад адкрыцця для сябе новага сусвету — сусвету Ельні. Шматграннага, разнастайнага, чароўнага і непаўторнага. І спазнаць яго сапраўдную сустнасць можна толькі так, у суровым, але захапляючым паходзе ў самае сэрца Ельні.

Ужо па дарозе дадому гэты свет пачынае іграць новым фарбамі, пачынаюць накатваць новыя асэнсаванні здзейсненай вандроўкі. Разумееш, што гэтыя два дні назаўсёды застануцца ў тваёй памяці і што ты яшчэ абавязкова сюды вернешся.

Напэўна, кожнаму варта паспрабаваць перажыць гэта. Таму дзярзайце, недзе там заўсёды чакае старажытная і таямнічая Ельня. Са сваімі фантастычнымі пейзажамі, крыстальнымі азёрамі і некранутай прыродай.

Комментарии ()

  1. Павел
    Ну что же должно будет произойти? По дороге из Минска в Буды я задавал себе этот вопрос тысячу раз, предвкушая знакомство с таинственным болотом. Как и многие, я наткнулся на видео в YouTube и заинтересовался этим местом не на шутку и решил испытать свои силы, покорив Ельню. И я не ошибся! Всем очень советую, это незабываемое путешествие, хоть и очень сложное — это был необычный эксперимент в моей жизни! Спасибо YelnyaTrip
  2. Max
    Ельня… место, где время замирает, заставляя принять мысль, что твоя жизнь — всего лишь частичка в нескончаемом тысячелетнем вихре существования этого места. Верховому болоту «Ельня» более 9000 лет!
    Вдумайтесь, все эти столетия и тысячелетия это место существует и развивается по своим законам и правилам, без вмешательства человека…

    Way 111 стал для меня вторым знакомством с этим удивительным местом. Основной целью похода стояло желание выйти за рамки привычного, посмотреть на свою жизнь под другим углом, насладиться этим местом. Выбор маршрута был абсолютно осознанным, хотелось чего-либо потяжелее, желательно на последнем издыхании.

    Болото пожалело меня, своего я добился только на последних километрах пути, преодолевая которые, я преодолел и частично себя.

    Резюмируя, хочется сказать, что это должен попробовать каждый. Испытать себя, преодолеть себя, услышать себя и сделать правильные выводы. Спасибо YelnyaTrip, обязательно увидимся!)