Жыць сваёй воляй

Людзi Ельні - Уладзімір Хахлун

Вы калі-небудзь задумваліся, што ў адзін час з намі на Зямлі пражываюць яшчэ 7 мільярдаў абсалютна розных людзей? Розных у поглядах і ў адносінах да свайго жыцця, у якім многія не паспяваюць асэнсаваць сваё прызначэнне і мэту існавання. Нам не хапае часу, каб прыпыніцца і задумацца, чаму мы апынуліся тут і што з гэтым рабіць...
Большасць з нас выбярэ ў сваім жыцці шлях «звычайнага» чалавека, звыклы шлях, які пражывалі яго продкі, бацькі, усё атачэнне. Але ёсць людзі, гатовыя не азірацца на нечы досвед, яны ідуць у сваім жыцці шляхам, абраным імі агулам самастойна. 

Праект YelnyaTrip збірае гісторыі людзей, якія жывуць вакол Ельні і якім ёсць, што расказаць пра сябе ці пра гэтыя мясціны. Нам шанцуе на цікавыя сустрэчы падчас нашых вандровак вакол Ельні. Аднойчы нам на вочы трапіў артыкул аб чалавеку, які ўжо болей за 15 гадоў жыве ў адзіноце і стварыў “Школу шчасця”. Едзем знаёміцца.

Жыць сваёй воляй

Мы не папярэджвалі загадзя аб тым, што прыедзем, але гэта не асабліва засмуціла адзінага чалавека ў «вёсцы» Кавалі. Ён добразычліва сустрэў нас і адразу запрасіў у хату як доўгачаканых гасцей. 

Валодзя прынес нам крэслы і мы пачалі гутарку.

За дзень да сустрэчы з Уладзімірам мы прачыталі артыкул: “Как белорус создал в Витебской области «Школу счастья», пасля якой у галаве склаўся вобраз ідэйнага пустэльніка, які марыць стварыць нейкае «шчаслівае» грамадства. Хай не крыўдуе аўтар артыкула - гэта не ў поўнай меры адпавядае рэчаіснасці. Ідэя “школы шчасця” Уладзіміра крыху складаней. Каб у дзьвух словах адлюстраваць сэнс і не ўпусціць галоўнае: мы не павінны жыць за конт іншых, мы можам жыць, дапамагаючы адзін аднаму!

Але ці могуць гэтыя словы данесці сэнс трохгадзіннай гутаркі? 

Жыць сваёй воляй

Жытло, святло, цяпло, адзенне, ежа, вада — тое, без чаго чалавек не зможа быць чалавекам

Валодзя гатовы аказаць падтрымку любому, хто шукае шчасце: «Акажу падтрымку чалавеку, што ёсць даць чалавеку магчымасць быць самім сабою, жыць на Зямлі сваёй воляй»

Але колькі б цытат мы не агучылі ў гэтым артыкуле, сутнасць Валодзі адкрыецца толькі ў асабістай гутарцы.

Праз некаторы час нас пачаставалі гарбатай з лугавых траў - на імгненне думкі перенесліся ў маляўнічае, цёплае лета. Погляд сканцэнтраваўся на акне. За шклом зіма, сцены дома па-гаспадарскі ўцеплены саломай. Скрозь паток філасофіі ўзгадалася, што ўсё гэта рэальна і чалавек жыве тут адзін. У яго ясны погляд і шчырая ўсмешка. Сіваватая барада асацыявала гаспадара хаты з героямі фільма аб стараверах-пустэльніках у лясах глыбокай тайгі. Але з кім бы мы не спрабавалі яго параўнаць, усе вобразы імгненна раствараліся, бо дагэтуль нам не сустракаліся людзі, якія асэнсавана адмовіліся ад усіх амаль выгод цывілізацыі і жывуць у поўнай адзіноце амаль 18 гадоў.

Жыць сваёй воляй

Паводле валодзіных словаў, галоўнае для чалавека - гэта жыць у найвышэйшай свабодзе, жыць сваімі жаданнямі, развівацца и удаскнальвацца на землі, знайшоўшы сваю сям`ю. Валодзя распавядаў нам аб сваім жыцці, аб тым, што ўсё не выпадкова і што яго жыццёвы шлях гэта таксама прыклад - так можна жыць! Ён вучыўся, служыў у войску, жаніўся, працаваў, меў сваю справу, але цяпер ён тут - на зямлі сваіх продкаў, сам на сам з сабой сварае рацэпт шчасця.

Мы гутарылі на розныя тэмы, абмяркоўвалі рэлігію, паводзіны ў грамадстве, свабоду думак, але ў гэтым артыкуле мы толькі знаёмім вас з Уладзімірам Хахлуном і каротка прыадкрываем ідэю яго “Школы шчасця”

Прайшло некалькі гадзін і пахмурны зімні дзень яшчэ больш пацмянеў. Мы выйшлі з хаты, каб паспець адсняць хутар з вышыні, аж нечакана пабачылі як Валодзя спакойна выходзіць у адных валёнках з хаты і кіруецца ўбок ракі. Ён збіраўся прымаць штодзённую ванну пад адкрытым небам! Сур`ёзна? Але цяпер зіма… Яшчэ колькі хвілін Валодзя адбіваў лёд, які скаваў раку, а пасля ўвайшоў упэўненна ў ваду і з асалодай прыступіў да штодзённых працэдур.

Любыя нашы сумневы, якія склаліся пасля гутаркі, разбурыліся аб загартаваны дух Уладзіміра. Нам зрабілася ясна, што ўсё, аб чым мы філасофствавалі, не проста словы адзінокага чалавека, а цэлы свет, які Валодзя сабраў па кавалачках у сваёй галаве за 18 самотных гадоў на зямлі продкаў у вёсцы Кавалі.

Узнай первым

Подпишись на новостную рассылку и будь в курсе последних новостей

© 2025 YELNYATRIP.COM. Все права защищены. Разработка сайта ROMANOV