Пра самую дзіўную польскую пустыню

Артыкул быў напісаны ў 1932 годзе, калі частка тэрыторыі сучаснай Беларусі, у прыватнасці Яльнянскае балота, належала да Польшчы

Артыкул польскага пісьменніка Міхала Паўлікоўскага пра Ельнянскія балоты. Гэты матэрыял быў агучаны ў эфіры Польскага радыё, а надрукаваны ў №29 тыднёвіка "Łowiec Polski".

*Заўвагі перакладчыка: Артыкул быў напісаны ў 1932 годзе, калі частка тэрыторыі сучаснай Беларусі, у прыватнасці Яльнянскае балота, належала да Польшчы. Варта мець гэта на ўвазе падчас азнаямлення з тэкстам. Тэкст падаецца з невялікімі скарачэннямі.

Пра самую дзіўную польскую пустыню

“[…] На паўночным усходзе Віленшчыны, прыкладна ў памежным трохвугольніку паміж Дзвіной і яе прытокам Дзісной знаходзіцца пустое месца на карце, на якой дарэмна шукаць кольцы, якія абазначаюць населеныя пункты. Гэтая прастора картографамі старанна пакрэсленая і крэсачкі тыя ў іх абазначаюць балота, неўжываную тэрыторыю, імшары.

Важна адзначыць, што на некаторых картах з'яўляецца назва «Балота Ельня», на іншых - «Мох Ельня» альбо «Імхі Яльнянскія». Гэтая назва паходзіць ад імя вялікага (каля 7 км у даўжыню) возера Ельня, якое знаходзіцца амаль у цэнтры гэтай пустэчы.

З возера выцякае невялікая багністая рэчка пад назвай Яльнянка, якая потым, прайшоўчы 6 кіламетраў пустэчы Яльнянскіх Імхоў, упадае ў Дзісну, што працякае праз ворныя і ўрадлівыя землі Мікалаеўскай гміны. Ужо гэты, здавалася б, нязначны факт, што рака Яльнянка выцякае з возера, што знаходзіцца сярод балот, і ўпадае ў Дзісну сярод ворных пагоркаў, павінен прадстаўляць цікавасць для геолагаў – гэты факт даказвае, што вялізны комплекс балот знаходзіцца вышэй, чым землі, на якіх знаходзяцца рэчышчы Дзісны і Дзвіны.

Пра самую дзіўную польскую пустыню

Комплекс сапраўды велізарны: самы першы погляд на карту Віленшчыны ўпэўнівае нас, што Балота Ельня больш чым у два разы большае за самае вялікае возера ў Польшчы - Нарач.

Ніхто плошчу балот даклада не вымяраў, бо па законе яны належаць да некалькіх уласнікаў, хоць фактычна гаспадара ў балот няма. Але, верагодна, плошча балота складае каля 200 км кв.

Вясной, летам і ўвосень, калі мароз не скуе вільготны, часам багністы кажух з імхоў, а снег не накрые лабірынты балотных купін на імшарах - трапіць на Імхі Яльнянскія вы можаце толькі пяшком і толькі з усходняга боку. Пешым ісці вельмі зручна, бо хоць і вузкім, але цвёрдым берагам рэчкі Яльнянкі бяжыць вузенькая пратораная сцежачка. Гэтай сцежкай праходзяць гуськом пешыя караваны паляўнічых і рыбакоў, быццам падарожнікі з афрыканскага «сафары».

Першымі ідуць паляўнічыя і рыбакі, а за імі - доўгі шэраг тутэйшых жыхароў, якія цягнуць торбы і мяхі з катламі, бульбай, хлебам і іншымі прыпасамі, разлічанымі на некалькі дзён, таму што на менш на Яльнянскае балота заходзіць не варта. Давайце далучымся да аднаго з такіх караванаў і паназіраем за іх паходам. Гэткі паход працягваецца шэсць кіламетраў «ўверх» па Яльнянцы.

Слова «ўверх» трэба, вядома, разумець ў геаграфічным сэнсе, бо мы ідзём у напрамку процілеглым цячэнню ракі. Але ў той жа час мы заходзім ўсё далей і далей у зямлю балот і імхоў. Пасля шасцікіламетровага марша спыняемся на мікраскапічным напалову дзікім лузе, які зарос някошанай травой, а таксама малінамі і ажынамі. Навічкі смела лезуць у кусты, каб паласавацца смачнымі ягадамі, але тутэйшыя грозна папярэджваюць іх аб змеях: атрутныя змеі таксама адна з асаблівасцяў гэтай дзіўнай прасторы Яльнянскіх балот...

Наш луг ляжыць непасрэдна на беразе невялікага возера. Гэта возера Чорнае, якое пралівам злучаецца з велізарным возерам Ельня. Теэрэтычна гэта адно вялікае возера, але мясцовыя жыхары далі ім асобныя назвы, а праліў паміж імі называюць "каналам". На беразе возера нас чакаюць лодкі: на іх мы пераплываем на іншы, заходні бок Чорнага возера. На тым беразе знаходзіцца адзіны на ўсім балоце сухі кавалак зямлі, памерам у некалькі гектараў.

Месца гэтае не толькі сухое, але і ўрадлівае, пра што сведчаць некалькі дамоў, агароды і глеба, на якой растуць нават грабы. Выходзім з лодак, выгружаем наш багаж і выгодна размяшчаемся ў гаёўцы - лясной хаце - дзе наш позірк ужо прываблівае пастаўлены ўздоўж бервяных сцен шэраг палявых ложкаў. У гэтым месцы мы затрымаемся на некалькі дзён, бо тут будзе база нашай паляўніча-рыбацкай экспедыцыі.

Пра самую дзіўную польскую пустыню

Па-за невялікім востравам на возеры Чорнае тэрыторыя Яльнянскіх балот гэта гіганцкая імшара, сфагнум, зарослы карлікавымі хвоямі, радзей бярозамі (таксама карлікавымі), а яшчэ неверагоднай колькасцю балотных ягад - журавінаў, чарніцаў і дурніцаў.

На аднастайнай, плоскай, манатоннай раўніне балота трапляюцца час ад часу азёры - ад самага вялікага, ужо згаданага возера Ельня да малюсенькіх, часта толькі некалькі метраў у даўжыню, але даволі глыбокіх, якія тутэйшыя людзі называюць "азераўкамі".

Усе гэтыя азёры маюць агульную рысу: чорная і каламутная вада і рваныя берагі, быццам адарваныя рукой невядомага катаклізма ад бяскрайняга імшаравага кажуха.

Азёры гэтыя спалучаюць прыгажосць і небяспеку паўночнай прыроды. Яны сумныя, яны могуць прыгнятаць, але і вельмі прывабліваюць. Яны добра знаёмыя і зразумелыя, і ў той жа час, быццам, нейкія чужыя, экзатычныя. Глядзіш на іх, і ў галаве з'яўляюцца вобразы нейкай зусім іншай эпохі, альбо нават іншай планеты. Вобразы - ці то з казак Жулаўскага, ці то з "Машыны часу" Уэлса. Захапляльны, але трохі трывожны настрой, які апаноўвае вандроўніка, які ўпершыню апынуўся на імшарах Ельні, мае вельмі рэальныя падставы.

Пра самую дзіўную польскую пустыню

Калі мы выйдзем з сухога востраву на бясконцыя імхі і адыйдзем прыкладна на кіламетр - высокія дрэвы пачнуць знікаць за гарызонтам і мы не ўбачым вакол больш нічога акрамя карлікавых соснаў.

Без гіда і без компаса, асабліва ў пахмурны дзень, блукаць па гэтых імшарах вельмі небяспечна.

Вядомы факт, што ў самым сэрцы імхоў знаходзілі чалавечыя косткі. Тутэйшыя людзі па-рознаму расказваюць пра паходжанне гэтых костак. Паводле адной з версій, яны засталіся ад жыхароў вёскі, якія заблукалі падчас збірання ягад, сыйшлі з сцежкі і памерлі ад голаду ў гэтай пустыні. Іншыя кажуць, што гэта косткі гераічных польскіх партызанаў вайны 1919-1920 гг. якія хаваліся тут ад бальшавіцкага нашэсця.

Пра самую дзіўную польскую пустыню

Флора Ельні - карлікавыя хвоі, радзей - бліжэй да выспы і берага возера - нізкарослыя бярозы. Есць непацверджаная, але вельмі верагодная гіпотэза пра прысутнасць на імхах рэдкай у Польшчы карлікавай бярозы (betula nana). Да таго ж - акрамя бясконцага кажуха сфагнума - тут расце багнаўка чорная, багун і неверагодная колькасць ягад: брусніцы, чарніцы і п'яніцы альбо дурніцы. Аднак гэтыя багацці нагадваюць золата на Месяцы: бо як мы можам імі скарыстацца ў такіх складаных умовах? Толькі невялікая частка гэтага багацця трапляе ў кошыкі мясцовых сялян, якія звычайна ходзяць па краях імшары і амаль ніколі не заходзяць у самы цэнтр гэтай дзікай пустэчы.

Пра самую дзіўную польскую пустыню

Адзін з галоўных прадстаўнікоў фауны Імхоў гэта, несумненна, белая курапатка, тыповая паўночная птушка, якая ў Польшчы сустракаецца ўсё радзей і ў асноўным у паўночнай частцы Віленшчыны. Белая курапатка - большая за сваю шэрую заходнюю сястру, але меншая за чорнага цецерука - цікавая тым, што яна, як заяц-бяляк, мяняе сваё пер'е ў залежнасці ад сезону. Улетку яна чырвоная і толькі крылы белыя. Хаця гэтая асаблівасць яе натуры не заўсёды ідзе на карысць для беднай птушкі.

Нярэдкія ў гэтым рэгіёне маласнежныя зімы робяць з курапаткі ў белай зімовай вопратцы здалёк прыкметную і вельмі лёгкую здабычу для свайго самага страшнага ворага - ястраба-цецероўніка. Таму, чым зіма больш снежная і суворая, тым больш тут курапатак.

Акрамя гэтага, у вельмі сухія гады, на курапатак палююць з выжламі. Паляванне гэтае прыгожае, але вельмі складанае: трэба мець здаровае сэрца і сталёвыя ногі, каб бегчы кіламетры па імхах, якія выгінаюцца пад нагамі, быццам матрац. І выжал таксама мусіць быць адпаведна моцны і навучаны. Акрамя курапатак на Імхах, але ў асноўным каля вострава, можна знайсці і сапраўды каралеўскую птушку - глушца. Дарэчы, глушцоў наогул шмат на тэрыторыі Крэсаў.

Вялікую цікаўнасць для арнітолагаў выклікае прысутнасць на буйных азёрах Імхоў рэдкага жыхара поўначы - гагача чорнаваллёвага (Colismus arcticus). Падчас вясновых і восеньскіх палётаў яго можна сустрэць па ўсёй Польшчы, але Імхі Яльнянскія - здаецца, адзінае месца ў Польшчы, дзе гняздуецца гэтая прыгожая птушка.

Пра самую дзіўную польскую пустыню

Таксама тут можна ўбачыць журавоў і, у вялікай колькасці, гадзюк, пазначаных чорным зігзагам на спіне, якія з'яўляюцца яшчэ адной небяспечнай асаблівасцю Ельні... Пра гэтых змей, дарэчы, існуе легенда, якая магла б зацікавіць батанікаў ды лекараў.

Кажуць, быццам на беразе Чорнага возера расце нейкая незвычайная расліна, гарбата з якой - надзейны сродак ад укусаў гадзюкі, лек больш танны, прыемны і больш эфектыўны, чым рэкламаваныя падскурныя ін'екцыі. Гэтая легенда паходзіць ад іншага, ужо амаль фантастычнага падання.

Быццам сабака, якога пакусала гадзюка, знікае на дзесяць дзён і ніхто не можа яго знайсці. Яго гаспадар ужо лічыць, што сабака згінуў назаўсёды, а той вяртаецца, хоць і саслабелы, схуднелы, але жывы і абсалютна здаровы. Меркавалася, што сабака хаваўся на гэты час глыбока ў лесе і лекаваўся ўзгаданай вышей чароўнай лекавай раслінай.

 

Яльнянскія азёры неверагодна багатыя на розныя віды рыб. Магчыма, гэта звязана з адсутнасцю дарог, што абмяжоўвае колькасць не толькі легальных рыбакоў, але і браканьераў. Кажуць, што Яльнянскія рыбы, асабліва драпежныя шчупакі, вырастаюць да нечуваных памераў. Мы ўжо пачулі не адну легенду Ельні і таму нічога дзіўнага, што і пра шчупакоў таксама існуюць тут байкі.

Кажуць, быццам некалькі гадоў таму злавілі на блешню шчупака, які важыў каля 160кг. Адна толькі галава гэтай рыбіны павінна была быць памерам з галаву невялікага жарабя. А яшчэ раней, кажуць, таксама на блешню злавілі ўжо шчупака, які важыў каля 400 кг, і яго галава была ўжо памерам з галаву дарослага каня... Але лёска не вытрымала такой вагі, лопнула і вялізны шчупак толькі на імгненне з'явіўся на паверхні, а потым знік назаўсёды ў чорных глыбінях возера.

Таму, паважаныя рыбакі, будзьце пільныя!

Пра самую дзіўную польскую пустыню

Напрыканцы яшчэ некалькі слоў пра Яльнянскія імхі, гэтую дзіўнейшую пустыню ў Польшчы, незвычайны помнік паўночнай прыроды. Натуралістам варта як мага хутчэй даследаваць гэтае месца ў ягоным пакуль што некранутым стане. Трэба даведацца, ці гэтае балота засталося ад старажытнага велізарнага возера, ці, што больш верагодна, з'явілася ў выніку іншых геалагічных з'яваў. Варта спяшацца, бо невядома, як далёка на поўнач дойдзе сучасная манія асушэння і меліярацыі балот. Ужо з'явіліся чуткі пра планы асушэння Яльнянскіх балот... Хто ведае - можа, праз некалькі гадоў на гэтым месцы будуць адныя тарфяныя шахты і бязмежная бясплодная прастора, і ўжо не будзе чуваць тых цудоўных песен курапатак, цецерукоў, журавоў ды гагачоў на гэтых некранутых абшарах.”

Пра самую дзіўную польскую пустыню

YelnyaTrip благодарит всех, кто помог создать эту статью:

Кастусь Шыталь  (поиск источника)

Ігар Ганчарук (перевод текста)

Олег Ковалевич  (фото-контент)

Узнай первым

Подпишись на новостную рассылку и будь в курсе последних новостей

© 2024 YELNYATRIP.COM. Все права защищены. Разработка сайта ROMANOV